18
мая 2012 года з 19.00 да 24.00 ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва
(пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца мастацкі праект «Усход-Захад.
Цырымонія.»
«Захад ёсць захад, усход ёсць усход, і разам ім ніколі не сыйціся...». У
ноч з 18 на 19 мая Музей сучаснага выяўленчага мастацтва паспрабуе
аспрэчыць гэтую ўсім вядомую аксіёму. Прастора Музея паўстане адмысловым
скрыжаваннем культур, дзе перасякуцца і ўступяць ва ўзаемадзеянне
эмацыйны экстравертны пачатак Захаду і сузіральная гармонія традыцый і
каштоўнасцей Усходняй культуры. Гасцям Музея будзе прапанаваны выбар
паміж улагоджанай медытатыўнай атмасферай чайная цырымоніі і
дыянісійскай эмацыйнасцю сучасных арт-практык. Не сакрэт, што на Усходзе
і на Захадзе плынь часу вымяраецца рознымі катэгорыямі. Нашым
наведвальнікам будзе прадстаўлена магчымасць адвольнага выбару паміж
двума варыянтамі адчування часу: індывідуальным паскарэннем і
запаволеным паглыбленнем. У «лоўлі моманту» і «спыненні імгненняў» ім
таксама паспрыяюць арыгінальнае музычнае суправаджэнне і знаёмства з
сучаснай усходнееўрапейскай аўтарскай анімацыяй.
У
праграме: кітайская і японская чайныя цырымоніі нон-стоп, пясочнае шоу
Дыяны Камеліевай, майстар-клас па арыгамі, этнічная ўсходняя музыка,
усходнееўрапейская анімацыя, відэа, мастацтва перформансу, хэпенінг,
электронная музыка.
Вялікая зала
19.00 - 21.00 - усходнееўрапейская анімацыя
21.00 - 24.00 - праграма перформансаў penAtra(C)tion
Увага! Імпрэза для дарослых.
На
Беларусі перформанс – гэта болей чым перформанс. Назоўнік, які абазначае
канкрэтны від мастацтва (усяго і толькі!), у нашай культурнай
рэчаіснасці стаў займеннікам, замяняючы ў пэўных колах выгукі кшталту
«Вау!» альбо «Блін!». Міфалагемы аказаліся жывучымі яшчэ і дзякуючы
спрыяльнаму для іх асяроддзю. На культурнай карце Мінска мастацтва
перформансу па-ранейшаму застаецца белай плямай. Усе чулі гэтае слова,
але хіба нямногія на ўласныя вочы бачылі тое, што яно абазначае.
Праграма
беларускага перформансу penAtra(C)tion, упершыню паказаная ў рамках IV
Маскоўскай біенале, прызначана запоўніць гэты прабел.
penAtra(C)tion
– гэта гібрыд двух словаў: «пранікненне» і «атракцыя». Досвед
пранікнення ўнутр сябе часам бывае хваравітым, аднак мастацтва мае сілу
пераўтвараць псіхічныя траўмы ў займальны атракцыён.
Сучасныя
перформеры актыўна выкарыстоўваюць разнастайныя тэхналагічныя прылады –
ад відэапраектара да аэракампрэсара. Але асноўным інструментам
па-ранейшаму з’яўляецца ўласнае цела. А галоўнай тэмай – выяўленне
экзістэнцыйных перажыванняў, якое часам прымае самыя дзіўныя формы.
Удзельнікі:
Канстанцін Мужаў і Сяргей Варкін
Юрась Барысевіч
Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk (Ільля Сін, Павел Вайніцкі, Яўген Рагозін)
А таксама выступы электронных праектаў:
Planet N
Zor`ka
generation skweee
Інтэрактыўная аўдыё-відэапрастора групы «Пазітыўныя дзеянні»
Малая зала, канферэнц-зал
19.00 - 24.00 - Кітайская і японская чайныя цырымоніі.
У праграме:
- 5 відаў кітайскіх улунаў (імператарскіх чаёў)
- унікальны цырыманіяльны японскі чай
- дэгустацыя чаёў нон-стоп з 19 да 24
- кітайская чайная школа
- японская чайная школа
- майстар-клас па арыгамі
- пясочнае шоу (sand-шоу) Дыяны Камеліевай
- жывая музыка сякухаці – нацыянальнай японскай флейты
Вядучыя чайнай цырымоніі: Алёна Вялічка, Кацярына Войнава, Раман Прытульчык.
VK
FaceBook